СМАЛЕ́НСКІ ПСАЛТЫ́Р,
бел. рукапісны помнік канца 14 ст. Паходзіць з Успенскага манастыра (цяпер в. Пустынкі Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.). Зроблены на пергаменце Лукой Смаляніным (Смаленцам) у 1395 па заказе манаха Аляксея. Уключае псалтыр «з Наследаваннем», Евангелле ад Іаана і ўрыўкі з апостала, некалькі запісаў, выкананых тайнапісам. Аздоба складаецца з 3 мініяцюр, 22 заставак, 150 ініцыялаў з мудрагелістым плеценым арнаментам, выявамі людзей, жывёл і пачвар, а таксама сімвалічнага малюнка (леў з арлінымі крыламі, заяц, мядзведзь, крылаты барс, пачвара з чалавечай галавой паміж рагоў). Перапісчык (ён жа і афарміцель) выкарыстоўваў сінюю, зялёную, чырвоную фарбы, золата. У 1657 рукапіс паводле загаду патрыярха Нікана вывезены ў манастыр на в-ве Кій Анежскай губы Белага мора, адсюль другая яго назва — «Анежскі псалтыр». Зберагаецца ў Гіст. музеі ў Маскве.
Літ.:
Бугославский Г.К. Замечательный памятник древней смоленской письменности XIV в. и имеющийся в нем рисунок символико-политического содержания // Древности: Тр. Москов. Археол. о-ва. М., 1906. Т. 21, вып. 1;
Долгов С.О. Архангельская Псалтырь // Там жа.
М.В.Нікалаеў.
т. 15, с. 45
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)